Памер шрыфту
A- A+
Iнтэрвал памiж лiтарамі
Каляровая схема
A A A A
Дадаткова
29.08.23

РАЁННАЯ НАСТАЎНІЦКАЯ КАНФЕРЭНЦЫЯ

Чарговая раённая настаўніцкая канферэнцыя прайшла 28 жніўня ў Камянецкім РДК. Ёй папярэднічала выстава ў фае, якая дэманстравала дасягненні ўстаноў адукацыі раёна. Прычым педагогі з вучнямі расказвалі не толькі аб сваіх адкрыццях, але і аб планах на перспектыву.

Святочнае і справаздачнае адначасова мерапрыемства распачалося з Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь, а потым была агучана актуальная тэма канферэнцыі – “Эфектыўная адукацыя: традыцыі і навацыі ў Год міру і стварэння”.

Першымі на сцэну па традыцыі выйшлі ганаровыя госці – цёплыя словы віншаванняў і пажаданняў на адрас педагогаў прагучалі ад намесніка старшыні Камянецкага райвыканкама Дзяніса Шпака і благачыннага цэркваў Камянецкай акругі, настаяцеля Сімяонаўскай царквы ў Каменцы, протаіерэя Сергія Буркоўскага.

Пасля адбылося хвалюючае знаёмства з маладымі спецыялістамі – сёлета іх 8 (заўважна менш, чым у мінулыя гады, і такая ж сітуацыя назіраецца па ўсёй Брэсцкай вобласці). Ад вопытных старэйшых калег да дзяўчат і адзінага хлопца звярнулася намеснік дырэктара на вучэбнай рабоце Белавежскай СШ Іраіда Корац, а ад настаўнікаў-пачаткоўцаў выступіла настаўніца замежнай мовы СШ №1 Каменца Марыя Васілеўская.

Сваім дакладам аб выніках мінулага навучальнага года і планах на новы канферэнцыю распачала начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Жанна Аўдзей, пасля чаго выступілі: загадчыца ясляў-сада №1 Каменца Жанна Крэмез (яна расказала аб грамадзянска-патрыятычным выхаванні дзяцей), дырэктар Высокаўскай СШ Валянціна Патрабенка (аб стварэнні эфектыўнага адукацыйнага асяроддзя школы для паспяховасці вучняў), намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце СШ №1 Каменца Наталля Міхнюк (аб выхаванні грамадзянскасці і патрыятызму) і кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні гімназіі Каменца Яўгеній Антончык (аб нацыянальных каштоўнасцях у аснове духоўна-маральнага развіцця і выхавання).

Наступным пунктам у плане канферэнцыі значыліся ўрачыстыя ўзнагароджванні розных узроўняў. І іх было вельмі многа! А завяршальным падарункам для педагогаў стала канцэртная праграма.

Раздзелы сайта